ЛІ́ДСКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі на Пн Гродзенскай вобл. Мяжуе на ПнУ з Ашмянскім узвышшам, на ПдУ, Пд і ПдЗ з Верхнянёманскай нізінай, на 3 з Сярэднянёманскай нізінай, на Пн заходзіць у межы Літвы. Выш. 150—200 м, пл. каля 4 тыс. км2, працягнулася з ПдЗ на ПнУ на 125 км, з Пн на Пд на 50 км.

Прымеркавана да Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 100 м) характэрны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на Пн), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час. Л.р. — спадзістахвалістая другасная марэнная раўніна, нахіленая на Пд, да даліны р. Нёман. Складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з водналедавіковых пяскоў, у паўд. ч. трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Ваганні адносных вышынь да 5 м. Паверхня ўскладнена лагчынамі сцёку, далінамі дробных рэк і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя выш. 10—15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы Ад г. Шчучын на ПнУ да Ашмянскага ўзв. цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок. Асн. рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш. Пад лесам 30% тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на ПнУ, 3 і Пд трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невял. ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў. Найбольшыя балоты: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота. Пад ворывам 40% тэрыторыі.

Н.К.Кліцунова.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)